ПУСКАВА́Я ЎСТАНО́ЎКА,

агрэгат або збудаванне для размяшчэння, перадстартавай падрыхтоўкі, навядзення (прыцэльвання) і пуску ракет. Ваен. П.ў. — састаўная частка ракетнага комплексу, касм.стартавага комплексу.

Асн. элементы П.у. — апорная аснова (платформа), станок, накіравальныя прыстасаванні і механізмы навядзення, праверачна-пускавая апаратура, тэхн. сістэмы падводу эл., пнеўматычных, паліўных і інш. камунікацый. П.ў. бываюць: нахіленага і верт. старту, наземныя (рухомыя і стацыянарныя), шахтавыя, марскія, авіяцыйныя і інш. Стацыянарныя размяшчаюцца ў незаглыбленых, паўзаглыбленых і шахтавых збудаваннях, уваходзяць у комплексы стратэгічныя, процісамалётнай, проціракетнай. процікасм. абароны і інш. Шахтавыя прызначаны для ўтрымання стратэгічных ракет, засцярогі іх ад ядз. зброі.

Наземныя размяшчаюцца на трансп. сродках высокай праходнасці, падзяляюцца на чыг. і палявыя, або грунтавыя (самаходныя, буксоўныя, вазімыя). Марскія размяшчаюцца на палубе або ў спец. адсеках (кантэйнерах) караблёў і падводных лодак; авіяц. — пад крылом і фюзеляжам самалётаў і верталётаў.

С.​Б.​Мілаванаў.

Пускавыя ўстаноўкі: а, б — нахіленага пуску і адкрытая рухомая вертыкальнага пуску (1 — аснова, 2 — станок, 3 — механізмы наводкі, 4 — накіравальная, 5 — пускавы стол); в — шахтавая для ракет «Мінітмен» (ЗША; 1 — апаратура кіравання і крыніцы электрасілкавання, 2 — люк, 3 — ахоўны дах з накрыўкай, 4 — агаловак, 5 — кампрэсарная, 6 — шахтавы ствол); г — мабільная для ракет Р-17 м «Эльбрус» (на шасі МАЗ-543А).

т. 13, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)